ПО́НЦІЙ ПІЛА́Т (Pontius Pilatus),

рымскі пракуратар (намеснік) Іудзеі ў 26—36 г. Яго праўленне было адзначана насіллем і смяротнымі пакараннямі без суда. Зняважлівыя адносіны да рэліг. вераванняў і звычаяў іудзеяў, паборы і падатковы ўціск выклікалі шматлікія паўстанні, якія ён жорстка душыў. Паводле Іосіфа Флавія і новазапаветнай традыцыі П.П. зацвердзіў рашэнне сінедрыёна (вышэйшы іудзейскі орган самакіравання і суда) аб прыгаворы да распяцця Ісуса Хрыста. У евангельскім апавяданні аб судзе над Хрыстом П.П. «узяў вады і вымыў рукі перад народам», каб зняць з сябе віну за праліццё крыві (адсюль выраз «умыць рукі»). У 36 пасля скаргі самарыцян на крывавую расправу над імі П.П. адхілены ад пасады і адпраўлены ў Рым. Паводле Яўсевія Кесарыйскага (4 ст.) П.П. скончыў самагубствам у 39, паводле інш. крыніц забіты Неронам. П.П. — герой шэрагу твораў апакрыфічнай л-ры, выяўл. мастацтва.

т. 12, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)